Анатоль Крачкоўскі – летапісец Бешанковіцкай зямлі

07.04.2026

 У сучасным свеце інфармацыйных тэхналогій бібліятэкі ўсё больш пашыраюць свае магчымасці за кошт электронных рэсурсаў. Асаблівае месца сярод іх займае краязнаўчая дзейнасць, якая адыгрывае ключавую ролю ў захаванні і папулярызацыі гістарычнай і культурнай спадчыны рэгіёна. Электронныя краязнаўчыя рэсурсы бібліятэкі дазваляюць зрабіць багатую спадчыну больш даступнай, забяспечваюць зручнасць пошуку, даследавання і вывучэння гістарычных матэрыялаў у анлайн-фармаце.

 7 красавіка ў Бешанковіцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылася прэзентацыя электроннага рэсурсу ”Анатоль Крачкоўскі – летапісец Бешанковіцкай зямлі“, прысвечанага  жыццю і краязнаўчай дзейнасці Анатоля Вячаслававіча Крачкоўскага. На мерапрыемства былі запрошаны знаёмыя і блізкія краязнаўца, кіраўнік і прадстаўнікі раённага Савета ветэранаў, загадчык сектара культуры і работнікі культуры,  а таксама зацікаўленыя людзі. Аўтар і стваральнік рэсурсу Капойка Аксана Аляксандраўна (метадыст аддзела маркетынгу цэнтральнай раённай бібліятэкі) пазнаёміла прысутных з базай даных, расказала аб папярэдняй рабоце над матэрыяламі, аб супрацоўніцтве з  Анатолем Вячаслававічам і падарыла краязнаўцу друкаванае выданне, створанае на аснове электроннага рэсурсу. У сваю чаргу Анатоль Вячаслававіч змястоўна  адказаў на пытанні ўдзельнікаў прэзентацыі.

 Цёплыя словы ў адрас героя мерапрыемства гучалі з вуснаў загадчыка сектара культуры Бешанковіцкага райвыканкама Пясецкай Марыны Анатольеўны, старшыні раённага Савета ветэранаў Кухто Уладзіміра Рыгоравіча, дырэктара ДУК ”Бешанковіцкая ЦБС“ Курмель Таццяны Міхайлаўны.

 Увазе прысутных была прадстаўлена выстава кніг і краязнаўчых матэрыялаў Анатоля Вячаслававіча Крачкоўскага ”Бешанковіцкаму краю прысвячаю…“.